"ХЕРУВІМСКАЯ" (апавяданне) чытае аўтар
HTML-код
- Опубликовано: 23 янв 2025
- Уладзімір Мірончык
"ХЕРУВІМСКАЯ"
Протадыякану Андрэю Скробату
***
Перад вялікімі абразамі гарэлі тонкія свечкі. Крыху патрэсквалі,
чакалі свята. Іх аксамітнае святло напаўняла прастору жывым і
трапяткім дыханнем. Людзі сустракалі Нараджэнне Хрыста.
Паветра поўнілася ўрачыстасцю, гучалі маладыя прыгожыя галасы.
То была Херувімская. Пад высокім скляпеннем у глыбіні купала
разлівалася нечуванай прыгажосці мелодыя. Празрыстая, ласкавая,
жывая.
Святар зірнуў за вакно і ўбачыў кружлянне вялікіх пульхных
сняжынак. Здавалася, гэта яны спяваюць, імкнуцца ў храм і
зіхацяць у святле тонкіх агеньчыкаў перад залатымі рызамі абразоў.
Стомленым вачам бачылася родная хатка, чыстая, утульная. А ў
хаце бабуля і дзядуля. Вось яны, тут, жывыя! Вочы свецяцца
спагадай і радасцю, нячутная гаворка саграе сэрца, дорыць шчасце.
Быццам няма ў іх унука сівізны ў барадзе, быццам ён маленькі
хлопчык, быццам шчасце можа быць бясконцым!
Так добра быць разам, прыгарнуцца, прылашчыцца, пабыць
маленькім. Не чуецца часу, ідзе вечнасць, гучыць размова.
Але што гэта? Быццам пачуўшы настойлівы вечны загад, родныя
паглядаюць вінавата, збіраюць торбачкі, закідваюць за плечы і
выходзяць за парог. Унук кідаецца ўслед і бачыць, што з кожных
дзвярэй роднай вёскі выходзяць старыя, збіраюцца, бы птушкі, у
чароды, ідуць, ідуць з запаленымі агеньчыкамі ў самае неба.
Зямныя шляхі замятае мяцеліца, белае покрыва кладзецца на
цёплыя сляды…
Заключнае “Амінь!” вяртае прытомнасць. Буйныя слёзы кацяцца з
вачэй, заліваюць твар і бараду, падаюць на святарскія рызы.
Хрыстос нарадзіўся!..
#мова #літаратура #каляды #царква #Беларусь